Рус
Eng
Бел

Прыёмная райвыканкама

Адрас райвыканкама:
213010, г. Шклоў, вул. Ленiнская, 76
Тэлефон/факс прыёмнай:
8 (02239) 7-81-15
E-mail: rik@shklov.gov.by

Рэгiёна

13 кастрычніка 2020

Сергяенка: якасць медыцынскіх паслуг у рэгіёнах не ўступае сталічным цэнтрам

Якасць медыцынскіх паслуг у рэгіёнах не ўступае сталічным цэнтрам. Такое меркаванне выказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка ў час адкрыцця інтэграванай паліклінікі ў мікрараёне Казіміраўка ў Магілёве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Якасць медыцынскіх паслуг у рэгіёнах не ўступае сталічным цэнтрам. Медыцынская дапамога павінна быць даступнай, якаснай і эфектыўнай для ўсіх. Паліклініка, якую адкрылі сёння ў Магілёве - гэта паліклініка сучаснасці і будучыні. Такія паліклінікі павінны быць у нас усюды. Усё тут зроблена з улікам напрацаванага вопыту сістэмай аховы здароўя нашай краіны, - адзначыў Ігар Сергяенка. - Будаўніцтва паліклінікі - увасабленне ў жыццё той сацыяльнай палітыкі, якая праводзіцца ў нашай дзяржаве. Ажыццяўленне гэтага праекта стала магчымым дзякуючы ініцыятыве кіраўніцтва аблвыканкама, падтрымцы ўрада, шэрага арганізацый горада Магілёва, якія ўнеслі свой фінансавы ўклад у будаўніцтва гэтага аб'екта".

Установа аховы здароўя плошчай 16 тыс. кв.м уключае дарослую і дзіцячую паліклінікі і падстанцыю хуткай медыцынскай дапамогі. На падстанцыі будуць працаваць 4 брыгады. У час урачыстага мерапрыемства Магілёўскай станцыі хуткай медыцынскай дапамогі падарылі 12 новых аўтамабіляў: 11 хуткіх і 1 рэанімабіль. Усяго ў Магілёве працуе 35 брыгад хуткіх і 50 аўтамабіляў.

У новы будынак у Казіміраўцы пераехала Магілёўская паліклініка нумар 3. Цяпер тут будуць абслугоўвацца амаль 32 тыс. чалавек, з якіх каля 10 тыс. - дзеці. Магутнасць паліклінікі складзе 850 наведванняў за змену, з якіх 250 прыпадзе на дзіцячую паліклініку.

Для пацыентаў будуць працаваць два аддзяленні ўрачоў агульнай практыкі, рэнтгеналагічнае і стаматалагічнае аддзяленні. Акрамя таго, у новай паліклініцы размясціліся аддзяленні рэабілітацыі з водалячэбніцай і кабінетам спелеалячэння, а таксама прафілактыкі і жаночай кансультацыі. Дзіцячае аддзяленне будзе падзелена па абслугоўванні дзяцей з лячэбнай і прафілактычнай мэтай. У работу ўстановы першым у вобласці будзе ўкаранёны комплекс "Разумная паліклініка". Для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі забяспечана безбар'ернае асяроддзе.

"Менавіта на паліклінікі прыпадае 80 працэнтаў зваротаў да сістэмы арганізацыі медыцынскай дапамогі. Таму ў сучасных паліклініках павінна быць сканцэнтравана максімальная колькасць аказваемых паслуг. І мы бачым гэта сёння на прыкладзе новай паліклінікі ў Магілёве. Тут працуюць урачы агульнай практыкі, ёсць аддзяленне для дзяцей. Тут будуць весці пацыентаў ад нараджэння і да залатога ўзросту. Выдатнае аснашчэнне дзённых стацыянараў, прыняцце новых нарматыўных дакументаў дапаможа перанакіраваць пацыентаў, якім неабходна стацыянарнае лячэнне ў паліклінікі, - расказаў выконваючы абавязкі міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. - Сістэма "Разумная паліклініка", інтэграваныя электронныя медыцынскія карткі, электронныя рэцэпты - новая паліклініка ў Магілёве забяспечана самымі сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі".

Паводле слоў мясцовай жыхаркі і шматдзетнай мамы Алены Бандоўскай, з'яўленне паліклінікі ў мікрараёне - важная падзея для ўсіх жыхароў раёна. "У нашым раёне вельмі патрэбна была паліклініка - раён новы, вялікі. Тут жыве шмат сем'яў з дзецьмі, як шматдзетныя так і не. Па сваім прыкладзе магу сказаць, што раней з дзецьмі даводзілася ездзіць практычна на іншы канец горада, каб трапіць на прыём да ўрача. Цяпер наша жыццё стане прасцейшым - сучасная паліклініка з'явілася побач з домам. І што важна - сюды будуць хадзіць і дарослыя, і дзеці. Хочацца сказаць вялікі дзякуй за такі патрэбны падарунак", - адзначыла жанчына.

Будаўніцтва паліклінікі ішло менш за год. Агульны кошт праекта склаў больш за Br47 млн. Заказчыкам па аб'екце выступіла КУП "Магілёўскае абласное УКБ", праекціроўшчык - ААТ "Інстытут Магілёўграмадзянпраект", падрадчык - ААТ "Будаўнічы трэст нумар 12".

"У гэтай рабоце дапамагло рашэнне нашага Прэзідэнта - ён абазначыў мадэль фінансавання гэтага аб'екта. Паспяховыя прадпрыемствы горада і вобласці аказалі спонсарскую дапамогу - яны бязвыплатна перадалі для будаўніцтва 1,25 працэнта ад выручкі. За гэтыя грошы мы змаглі вырашыць многія пытанні жыхароў нашай вобласці: мадэрнізуем медыцынскія ўстановы вобласці, пабудавалі паліклініку ў Казіміроўцы, радзільны дом у Магілёве, бальніцу ў Асіповічах, прадаўжаем будаўніцтва кардыяхірургічнага комплексу Магілёўскай абласной бальніцы", - падкрэсліў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц.-0-

НАВIНЫ БЕЛАРУСI

Iнтэрнэт - рэсурсы