Рус
Eng
Бел

Прыёмная райвыканкама

Адрас райвыканкама:
213010, г. Шклоў, вул. Ленiнская, 76
Тэлефон/факс прыёмнай:
8 (02239) 7-81-15
E-mail: rik@shklov.gov.by

Рэгiёна

4 жніўня 2020

Больш за 880 лясных пажараў здарылася ў Беларусі з пачатку года

Больш за 880 лясных пажараў здарылася ў Беларусі з пачатку года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.

"У бягучым годзе здарылася ўжо 883 лясныя пажары на плошчы большай за 6,5 тыс. га. Нягледзячы на тое, што колькасць узгаранняў з пачатку гэтага года большая, чым за аналагічны перыяд 2019-га, агульная плошча лясных пажараў на адпаведную дату цяпер меншая. Гэта сведчыць аб тым, што большасць ачагоў узгарання была ліквідавана на ранняй стадыі", - сказалі ў прэс-службе.

Больш за ўсё лясных пажараў здарылася на поўдні краіны - у Брэсцкай (325) і Гомельскай абласцях (238). Потым ідуць Мінская (135), Гродзенская (85) і Магілёўская вобласці (75). Менш за ўсё ўзгаранняў было на поўначы краіны - у Віцебскай вобласці (25).

Забароны і абмежаванні на наведванне лясоў дзейнічаюць у 25 раёнах Беларусі. Наведваць лес часова забаронена ў Івацэвіцкім, Бярозаўскім і Пружанскім раёнах Брэсцкай вобласці, а таксама ў Шчучынскім раёне Гродзенскай. Абмежаванні дзейнічаюць у Гродзенскім, Свіслацкім і Слонімскім раёнах. Што датычыцца Мінскай вобласці, наведванне лясоў абмежавана ў 14 раёнах: Вілейскім, Маладзечанскім, Крупскім, Мінскім, Смалявіцкім, Бярэзінскім, Уздзенскім, Нясвіжскім, Клецкім, Слуцкім, Старадарожскім, Салігорскім, Любанскім і Стаўбцоўскім. У Гомельскай вобласці абмежаванні ўведзены ў Акцябрскім, Рэчыцкім, Мазырскім і Ельскім раёнах.

Рашэнні аб увядзенні і зняцці забароны на наведванне лясоў прымаюць мясцовыя органы ўлады па хадайніцтве лесагаспадарчых устаноў або раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях. Абмежаванні ўводзяцца ў выпадку высокага класа пажарнай небяспекі і здымаюцца пры стабілізацыі абстаноўкі. Галоўная мэта забарон - арганізаваць бяспеку грамадзян, захаванасць іх маёмасці, а таксама ляснога фонду.

На сайце Міністэрства лясной гаспадаркі размешчана інтэрактыўная карта забарон і абмежаванняў на наведванне лясоў. З яе дапамогай можна ў аператыўным рэжыме адсачыць, у якіх рэгіёнах часова забаронена наведваць лясы. Парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах і на тарфяніках або забарон на іх наведванне без нанясення ўрону прыводзіць згодна з арт. 15.29 КоАП да папярэджання або накладання штрафу ў памеры да 25 базавых велічынь (1 БВ - Br27).

У лясгасах налічваецца звыш 250 пажарна-хімічных станцый, больш за 660 пунктаў проціпажарнага інвентару, якія ўкамплектаваны неабходнымі сродкамі пажаратушэння. Створана сетка з больш як 650 пажарна-наглядальных вышак і мачтаў, з якіх амаль 600 абсталяваны сродкамі відэанагляду за станам ляснога фонду.-0-

НАВIНЫ БЕЛАРУСI

Iнтэрнэт - рэсурсы